VoyForums
[ Show ]
Support VoyForums
[ Shrink ]
VoyForums Announcement: Programming and providing support for this service has been a labor of love since 1997. We are one of the few services online who values our users' privacy, and have never sold your information. We have even fought hard to defend your privacy in legal cases; however, we've done it with almost no financial support -- paying out of pocket to continue providing the service. Due to the issues imposed on us by advertisers, we also stopped hosting most ads on the forums many years ago. We hope you appreciate our efforts.

Show your support by donating any amount. (Note: We are still technically a for-profit company, so your contribution is not tax-deductible.) PayPal Acct: Feedback:

Donate to VoyForums (PayPal):

Login ] [ Contact Forum Admin ] [ Main index ] [ Post a new message ] [ Search | Check update time | Archives: 12[3]45678910 ]


[ Next Thread | Previous Thread | Next Message | Previous Message ]

Date Posted: 16:12:06 09/11/01 Tue
Author: INTERNATIONAL LIMITED ELECTION OBSERVATION MISSION
Subject: ЗАЯВА АБ ПАПЯРЭДНІХ ВЫНІКАХ І ЗАКЛЮЧЭНЬНЯХ - 2
In reply to: INTERNATIONAL LIMITED ELECTION OBSERVATION MISSION 's message, "ЗАЯВА АБ ПАПЯРЭДНІХ ВЫНІКАХ І ЗАКЛЮЧЭНЬНЯХ - 1" on 16:08:46 09/11/01 Tue

Афіцыйная кампанія пачалася адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў 14 жніўня. На позьніх стадыях кампаніі праводзіліся нешматлікія мерапрыемствы. У прыватнасьці, 4 верасьня ў Менску адбылася сустрэча дзейснага Прэзыдэнта (прыкладна 2 500 тысячы ўдзельнікаў), а 3 верасьня сустрэча Ў.Ганчарыка прыкладна з 3 000 выбаршчыкаў у Менску. І Ганчарык, і Гайдукевіч праводзілі меншыя па колькасьці прысутных сустрэчы ў рэгіянальных цэнтрах, дзе ў некаторых выпадках улады заплюшчвалі вочы на тое, што арганізатары не атрымалі папярэдняга дазволу на правядзеньне падобных акцыяў. Акрамя гэтых фактаў, ні ў Менску, ні ў рэгіёнах не было заўважана рысаў правядзеньня сапраўднай кампаніі. Кандыдат Лукашэнка, якога падтрымлівалі дзяржнаўныя органы і СМІ, дамінаваў у выбарчай кампаніі.

Тон выбарчай кампаніі стаўся больш напружаным і нэгатыўным з набліжэньнем выбарчага пэрыяду. У.Ганчарык папярэджваў аб маючых адбыцца фальсыфікацыях падчас датэрміновага галасаваньня, казаў пра небясьпеку арышту главы свайго выбарчага штабу, а таксама пра тое, што ЦВК можа зьняць яго з выбарчай гонкі на падставе нейкіх злоўжываньняў Выбарчым кодэксам. Падобным чынам Прэзыдэнт пагражаў дэпартаваць кіраўніка місіі КНГ АБСЭ і абвінаваціў краіны "сьпелай дэмократыі'' ў "атацы" на Беларусь, што стала вынікам стрымліваньня эканамічнага разьвіцьця краіны. Некаторыя публічныя выказваньні вышэйшых асобаў у выбарчых адміністрацыйных структурах як мінімум ствараюць уражаньне прадузятасьці выбарчых камісіяў, напрыклад, словы старшыні ЦВК Л.Ярмошынай аб тым, што параза дзейснага Прэзыдэнта на выбарах будзе ''асабістай трагедыяй" для яе.

Падчас тыдняў перад выбарамі практычна адсутнічалі бачныя прыкметы публічнага распаўсюджваньня мабілізацыйных перадвыбарчых матэрыялаў. Плякаты можна было вешаць толькі на абмежаванай колькасьці адведзеных месцаў, інакш яны штодня зрываліся камунальнымі службамі ці, як сьцьвярджалі прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, спэцслужбамі. Аднак ЦВК здолела паінфармаваць выбаршчыкаў аб працэдуры галасаваньня праз сваю публічную інфармацыйную кампанію з выкарыстаньнем палітычна нэўтральных плякатаў і тэлевізійных ролікаў.

ММАНВ была таксама глыбока занепакоеная ўзроўнем перасьледу палітычнай апазыцыі і ўнутраных назіральнікаў. Былі зафіксаваныя факты адбіраньня офіснага абсталяваньня і агітацыйных матэрыялаў, частых падатковых праверак і затрыманьня асобаў, у якіх былі знойдзеныя матэрыялы, кваліфікаваныя як абразьлівыя супраць Прэзыдэнта. Усе гэтыя інцыдэнты аказвалі нэгатыўны ўплыў на і так мінімальны ўзровень публічнай агітацыі.

У краіне назіраліся значныя падвышэньні колькасьці і крыніцаў апытаньняў грамадзкай думкі непасрэдна перад 13 жніўня — днём, калі па закону наступіла забарона публікацыяў вынікаў грамадзкіх апытаньняў. Апытаньні адлюстроўвалі шырокія разыходжаньні паміж інфармацыйнымі крыніцамі, даступнымі для насельніцтва ў СМІ. Вынікі апытаньняў, надрукаваных у дзяржаўных мас-мэдыях, напрыклад, у "Народной газете" ад 30 жніўня, ўказвалі на "гарантаваную перамогу Лукашэнкі ў першым туры (65-70%)". I, наадварот, вынікі апытаньняў, надрукаваныя ў незалежных, ці апазыцыйных СМІ, паказвалі на меншы адрыў у галасах апазыцыйных кандыдатаў.

Сродкі масавай інфармацыі

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі дамінуюць у сфэры электронных і друкаваных СМІ. Дзяржаўныя радыё і тэлебачаньне зьяўляюцца асноўнымі крыніцамі інфармацыі аб палітычным жыцьці краіны. Іншыя электронныя СМІ, якія маюць значны ўплыў, такія як расійскія тэлевізійныя каналы, а таксама некаторыя FM-радыёстанцыі, не прадстаўлялі выбаршчыкам дастатковай інфармацыі адносна выбарчага працэсу ажно да апошняга тыдня кампаніі. Адзінай альтэрнатыўнай крыніцай палітычнай інфармацыі зьяўляліся незалежныя друкаваныя СМІ. Аднак з-за больш высокіх коштаў у параўнаньні з коштамі на дзяржаўныя газэты і абмежаванага распаўсюду яны аказаліся ў невыгодным становішчы, што часта перакрывала доступ да іх шырокаму грамадзтву.

Наглядальная рада па інфармацыйных спрэчках, створаная пры ЦВК, мае мандат разглядаць усе скаргі, зьвязаныя з правядзеньнем кампаніі ў мас-мэдыях. Рада разгледзела шэраг скаргаў апазыцыйных кандыдатаў аб няроўных умовах спаборніцтва. Паводле інфармацыі, атрыманай ММАНВ ад ЦВК, толькі адна скарга, якая тычылася выступу кандыдата, была задаволеная на карысьць кандыдата Гайдукевіча. Ён падаў скаргу ў сувязі з інтэрвію прадстаўніка расейскай Дзярждумы Жырыноўскага, якое было паказанае па Беларускаму тэлебачаньню і надрукаванае ў "Народной газете". У гэтым інтэрвію Жырыноўскі абвінаваціў Гайдукевіча ў шэрагу неправамерных дзеяньняў. 27 жніўня назіральная рада ЦВК задаволіла скаргу Гайдукевіча і абавязала Беларускае тэлебачаньне і "Народную газету" прадставіць кандыдату бясплатны эфірны час і газэтную плошчу для абвяржэньня абразьлівай інфармацыі. Замест таго, каб выканаць рашэньне ЦВК, 28 жніўня Беларускае тэлебачаньне ізноў паказала згаданае інтэрвію, такім чынам робячы насьмешку з рашэньня ЦВК.

Незалежныя СМІ знаходзіліся пад эканамічным і прававым ціскам ад пачатку кампаніі. Варта адзначыць часовае прыпыненьне дзейнасьці друкарні "Мэджык", у якой выдаюцца агульнанацыянальныя і незалежныя газэты. Празь некалькі дзён "Мэджык" усё ж узнавіла сваю працу, але на чале з новым дырэктарам, які больш спачувае ўладам і які пазьней прадпрыняў дзеяньні, падобныя да цэнзуры. ММАНВ задакумэнтавала больш за 20 выпадкаў парушэньняў свабоды выказваньня і інфармацыі, датычныя незалежных і апазыцыйных СМІ падчас перадвыбарчага пэрыяду. Гэтыя парушэньні ўключалі шматразовыя праверкі падатковымі інспэкцыямі, адыманьне і крадзеж кампутарнага абсталяваньня, канфіскацыю газэтных накладаў, закрыцьцё рэдактарскіх офісаў, умяшальніцтва ў рэдактарскую працу, што падобна на цэнзуру, і затрыманьне журналістаў.

Паводле паведамленьняў СМІ, 4 верасьня падчас публічнай сустрэчы ў Менску з 2 500 выбаршчыкамі з усёй краіны Прэзыдэнт Лукашэнка выказаў пагрозы наступнага кшталту: "...Мы должны все это перетерпеть... Если только мы сейчас прикроем кого-то... — Они на это нарываются... Они на это идут... От Вика до этих желтых страниц... Мы не должны сейчас это делать... Мы призовем их к ответу после выборов..."

ММАНВ праводзіў маніторынг 4 тэлевізійных каналаў і 1 радыёстанцыі, а таксама 8 друкаваных СМІ: дзяржаўнага Беларускага тэлебачаньня, 1-га каналу дзяржаўнага беларускага радыё, 3 расійскіх тэлевізійных каналаў — ОРТ, РТР і НТВ, 4 дзяржаўных газэт — "Советской Белоруссии", "Рэспублікі", "Звязды" і "Народной газеты", 4 незалежных газэт — "Народнай волі", "Нашай свабоды", "БДГ" і "Комсомольской правды в Белоруссии".

Было выкананае патрабаваньне закону аб прадастаўленьні бясплатнага і платнага эфірнага часу, а таксама газэтнай плошчы на роўных умовах для ўсіх кандыдатаў з мэтай звароту да выбаршчыкаў. Прэзыдэнт Лукашэнка вырашыў адмовіцца ад гадзіны эфірнага часу для папярэдняга запісанага звароту, які быў прадастаўлены ўсім кандыдатам на дзяржаўным тэлебачаньні. Аднак 5 верасьня "Советская Белоруссия", дзяржаўная газэта з самым вялікім накладам, надрукавала перадвыбарчую плятформу Лукашэнкі, амаль удвая павялічыўшы наклад ад з 350 тысяч да 629 тысяч. У Менску газэта была распаўсюджаная бясплатна.

Маніторынг, праведзены ММАНВ, паказвае высокі працэс асьвятленьня кампаніі Прэзыдэнта Лукашэнкі ў дзяржаўных СМІ, пераважна ў пазытыўным тоне. Большасьць дзяржаўных газэтаў і дзяржаўнае тэлебачаньне толькі між іншым узгадваюць кандыдатаў і ў асноўным ў нэгатыўным тоне. Дзейнасьць апазыцыйных кандыдатаў асьвятляецца абмежаванай колькасьцю апазыцыйна арыентаваных газэтаў. Так, выбаршчыкі былі пазбаўленыя мажлівасьці атрымліваць дастатковую інфармацыю пра кандыдатаў з СМІ.

Назіральнікі

Парасонавая структура "Беларуская ініцыятыва—Незалежнае назіраньне" (НН) здолела прыцягнуць да маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў больш за 10 000 унутраных наглядальнікаў. Іншая група грамадзкіх аб'яднаньняў на чале зь Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (БПСМ) і падтрыманая Рэспубліканскай каардынацыйнай радай таксама зарэгістравалі тысячы наглядальнікаў.

Падчас апошняй стадыі перадвыбарчага працэсу Міністэрства юстыцыі выступіла з заявай супраць "Вясны", аднаго зь вядучых грамадзкіх аб'яднаньняў у "Незалежным назіраньні", датычных парушэньняў працэдуры вылучэньню наглядальнікаў. "Вясна" і 7 іншых грамадзкіх аб'яднаньняў атрымалі папярэджаньне за парушэньні, якія быццам мелі месца. Падчас паседжаньня ЦВК 8 верасьня, на якім разглядаліся гэтыя выпадкі, старшыня "Вясны" прапанаваў вырашыць праблему ў той самы вечар, але прапанова была адкінутая. У выніку ЦВК пазбавіла рэгістрацыі каля 2 000 назіральнікаў ад "Вясны". Тым ня менш 2 іншыя грамадзкія аб'яднаньні атрымалі час да канца таго вечара на вырашэньне праблемы.

Група "Беларуская ініцыятыва—Незалежнае назіраньне'' ініцыявала правядзеньне паралельнага падліку галасоў (ППГ) вынікаў выбараў, заснаваных на зьвестках рэпрэзэнтатыўнай выбаркі 500 выбарчых участкаў. Шырокае неразуменьне таго, што такое ППГ прывяло да адкрытай варожасьці з боку ўладаў. Мэтадалёгія ППГ характарызавалася або як абстрактны і нават менш за навуковы экспэрымэнт, які ня мае нічога агульнага з сапраўдным працэсам падліку галасоў або, як прыклад найбольш рэзкіх выказваньняў, ППГ называлі "шарлятанствам" і спробай справакаваць маштабныя грамадзкія беспарадкі. Апошняя цытата належыць старшыні ЦВК.

Міністэрства юстыцыі ўмяшалася ў працэс, зрабіўшы шэраг публічных заяваў аб тым, што апытаньне выбаршчыкаў, выходзячых з участкаў зьяўляецца незаконным у адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам. Міністэрста пераблытала паняцьце ППГ з паняцьцем "апытаньне" на выхадзе і, такім чынам, рызыкуе дапусьціць сур'ёзныя злоўжываньні правамі наглядальнікаў 9 верасьня. Выбарчы кодэкс надае наглядальнікам права прысутнічаць пры падліку галасоў, знаёміцца з пратаколамі вынікаў галасаваньня і рабіць копіі гэтых пратаколаў за свой уласны кошт. У той час як выбарчыя камісіі зьяўляюцца адзінымі органамі, якія, згодна з заканадаўствам, могуць праводзіць падлік галасоў і аб'яўляць афіцыйныя вынікі, у кодэксе няма палажэньняў, якія б не дазвалялі наглядальнікам падлічваць вынікі галасаваньня на выбарчых участках, дзе яны знаходзіліся, падсумоўваючы вынікі на раённым і абласным узроўнях і затым абвяшчаючы вынікі свайго падліку. Улічваючы заклапочанасьць, якую выклікае ППГ, ММАНВ заклікаў беларускія ўлады зьняць патрэбу правядзеньня ППГ праз апублікаваньне ня толькі агульных вынікаў галасаваньня, але і выніковых пратаколаў галасаваньня на кожным выбарчым участку з тым, каб паказаць, якім чынам утварылася канчатковая выніковая лічба пры галасаваньні. Падобная празрыстасьць магла б забясьпечыць давер з боку наглядальнікаў і выбаршчыкаў у Беларусі, што зрабіла б ППГ непатрэбным.

Артыкул 13 Выбарчага кодэксу, а таксама пастанова ЦВК ад 8 чэрвеня 2001 г. вызначаюць правы ўнутраных і міжнародных наглядальнікаў. Адно з палажэньняў гэтых прававых дакумэнтаў неапраўдана абмяжоўвае магчымасьць правядзеньня міжнароднымі наглядальнікамі прэсавых канфэрэнцыяў ці рабіць камэнтары для СМІ па пытаньнях, якія, напрыклад, тычацца заканадаўчых рамак правядзеньня гэтых выбараў, да дня галасаваньня. Іншыя неабгрунтаваныя абмежаваньні, такія як палажэньні Артыкула 13 аб тым, што "наглядальнікі ня маюць права... знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад сталоў, дзе выдаюцца бюлетэні для галасаваньня, кабін і скрыняў для галасаваньня", будуць перашкаджаць МАНВ праводзіць эфэктыўнае нагляданьне ў дзень выбараў.

Спрэчныя пытаньні, скаргі і апэляцыі

Выбарчы кодэкс мае шэраг палажэньняў, якія прызнаюць за выбаршчыкамі, наглядальнікамі, а таксама кандыдатамі, іхнымі даверанымі асобамі ды ініцыятыўнымі групамі права падачы скаргаў у выпадках парушэньня Выбарчага кодэксу і падачу апэляцый па некаторых пытаньнях, якія прымаюцца выбарчымі камісіямі. У той час як асобныя грамадзяне маюць дастаткова абмежаванае права падаваць скаргі ў выбарчыя органы, ня ўсе тыпы скаргаў могуць разглядацца судовымі інстанцыямі. Напрыклад, на рашэньне выбарчай камісіі па скарзе наглядальніка аб падазрэньнях пра парушэньне Выбарчага кодэксу і падліку галасоў апэляцыя можа быць пададзеная толькі ў адпаведную ці вышэйшую выбарчую камісію альбо ў пракуратуру.

МАНВ разгледзела 136 скаргаў і заяваў, дасланых у ЦВК, а таксама каля 70 скаргаў і заяваў, пададзеных у ніжэйшыя выбарчыя камісіі і пракуратуру на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях да дня выбараў. Гэтыя скаргі й заявы былі атрыманыя ад унутраных назіральнікаў, праваабарончых арганізацыяў, асобных выбаршчыкаў, кандыдатаў ці іхных давераных асобаў і КНГ АБСЭ. Да 9 верасьня КНГ атрымала больш за 300 скаргаў. Увогуле разгледжаныя скаргі й заявы былі напісаныя ў адказ на падазрэньні ў парушэньнях Выбарчага кодэксу падчас фармаваньня і працы выбарчых камісій, уключаючы скаргі, адносна доступу ўнутраных назіральнікаў, незаконнага правядзеньня кампаніі і выкарыстаньня агітацыйных матэрыялаў альбо праблемаў з СМІ. Амаль што ва ўсіх выпадках адказаў ЦВК, якія аказаліся ў распараджэньні МАНВ, ЦВК не знайшла ніякіх парушэньняў альбо дастатковых фактаў для іхнага разгляду. У асноўным ЦВК разглядала скаргі на працягу вызначаных законам трох дзён ці на працягу 10 дзён, калі адпаведныя факты патрабавалі праверкі. Шмат адказаў ЦВК не ўтрымлівалі спасылкі на палажэньні закону, на падставе якіх прымалася рашэньне, вельмі рэдка прадстаўляючы цалкам абгрунтаваныя рашэньні.


Скаргі на адсутнасьць доступу наглядальнікаў да паседжаньняў выбарчых камісій пастаянна не задавольваліся. У шэрагу скаргаў наглядальнікі сьцьвярджалі, што выбарчыя камісіі папросту не інфармавалі іх аб сваіх паседжаньнях. ЦВК вырашыла, што ва ўсіх выпадках выбарчыя органы дзейнічалі ў адпаведнасьці з законам. Напрыклад, у адказ на скаргі, якія паступілі ў ЦВК 1 і 2 жніўня зь Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцяў, у якіх сьцьвярджалася, што раённымі выбарчымі камісіямі былі парушаныя правы наглядальнікаў, паколькі наглядальнікі не былі дапушчаныя да паседжаньняў выбарчых камісіяў, ЦВК прыняла рашэньне аб тым, што наглядальнікі мелі права прысутнічаць толькі падчас афіцыйных паседжаньняў выбарчых камісій, а не падчас звычайнага разгляду дакумэнтаў.

Датэрміновае галасаваньне

Празьмерна дазваляльныя нормы датэрміновага галасаваньня робяць выбарчы працэс адкрытым для мажлівых маніпуляцый. Артыкул 53 Выбарчага кодэксу не патрабуе апраўданьня, дакумэнтальнага сведчаньня ці іншых дзеяньняў дзеля таго, каб прагаласаваць датэрмінова. Палажэньне аб датэрміновым галасаваньні ператварыла выбары 9 верасьня ў 6-дзённы працэс. Датэрміновае галасаваньне можа мець месца на ўсіх выбарчых участках на ўсёй тэрыторыі краіны і ў прысутнасьці як мінімум толькі 2 членаў выбарчай камісіі, хаця прысутнічаць пры гэтым могуць і назіральнікі. Напрыканцы кожнага дня датэрміновага галасаваньня не падрыхтоўваюцца пратаколы аб выніках галасаваньня, а скрыні для бюлетэняў апячатваюцца і захоўваюцца ўначы. Аднак на выбарчых участках няма спэцыяльных пячатак, і ЦВК ня выдала адпаведных інструкцый дзеля забесьпячэньня бясьпекі захаваньня скрыняў уначы. Існуе патрабаваньне, каб пасьля галасаваньня 9 верасьня скрыні для датэрміновага галасаваньня, галасаваньня ў хаце і скрыні, якая знаходзяцца на ўчастку ў дзень галасаваньня, адчыняліся паасобку з асобным падлікам колькасьці галасоў і адлюстраваньнем паасобных вынікаў у пратаколе. Наглядальнікі ня маюць доступу да рабочых пратаколаў. Толькі агульная лічба з усіх скрыняў запісваецца ў канчатковы і афіцыйны пратакол выбарчай камісіі, які прадстаўляецца наглядальнікам. Гэтыя выніковыя пратаколы не зьмяшчаюць інфармацыю аб агульнай колькасьці бюлетэняў, якія знаходзіліся ў кожнай скрыні для датэрміновага галасаваньня, галасаваньня ў хаце і тых, якія знаходзяцца на ўчастку ў дзень галасаваньня.

МАНВ засьведчыла правядзеньне датэрміновага галасаваньня на больш чым 600 выбарчых участках краіны, у якім у сярэднім удзельнічала 18% выбаршчыкаў. Больш за 30% выбаршчыкаў прыйшлі ў Гарадзенскай вобласьці. Напрыканцы датэрміновага галасаваньня 8-га верасьня ЦВК абвесьціла, што ў датэрміновых выбарах прынялі ўдзел 14,7% выбаршчыкаў.

Амаль на 90% выбарчых участках, якія наведалі прадстаўнікі МАНВ, выбарчыя бюлетэні мелі подпіс на адвароце, зроблены напярэдадні членамі камісіі ў парушэньне Выбарчага кодэксу. Унутраныя наглядальнікі не прысутнічалі на 49% выбарчых участкаў, якія наведалі прадстаўнікі МАНВ. На 45% выбарчых участкаў прысутнічалі людзі, якія ня мелі на тое дазволу, а ў бальшыні момантаў (93%) прысутнічалі міліцыянты.

Дзень выбараў і падлік галасоў

Прадстаўнікі МАНВ наведалі больш за 1000 выбарчых участкаў 9 верасьня. Наступныя камэнтары заснаваныя на прыблізна 80% апрацаваных зьвестак з выбарчых участкаў. Аднак, на час напісаньня гэтай заявы, МАНВ не апрацаваў камэнтароў па прадстаўленых справаздачах.

Міжнародныя наглядальнікі ацанілі правядзеньне выбараў на "добра" ці "выдатна" на 70% выбарчых участкаў, якія яны наведалі. На 86% выбарчых участкаў галасуючых прасілі паказаць свае дакумэнты; выбаршчыкі ставілі свой подпіс у кнізе ў 87% выпадкаў, а таямніца галасаваньня захоўвалася ў 79% выпадкаў. Аднак, на 26% выбарчых участкаў, якія наведалі прадстаўнікі МАНВ, назіралася групавое галасаваньне; у 45% выпадкаў бюлетэні былі падпісаныя на адвароце да пачатку галасаваньня; а ў 15 % выпадкаў прысутнічалі людзі, якія ня мелі на гэта дазволу і аказвалі дапамогу або накіроўвалі працу камісіі.

На час падрыхтоўкі гэтай папярэдняй заявы МАНВ яшчэ не апрацаваў справаздачы аб падліку галасоў, якія прадставілі назіральнікі.

Складаньне вынікаў

Палажэньні Выбарчага кодэксу аб складаньні вынікаў галасаваньня на раённым. абласным і нацыянальным узроўнях не зьяўляюцца дастаткова празрыстымі, каб забясьпечыць правядзеньне незалежнай праверкі выбаршчыкамі, прадстаўнікамі кандыдатаў і наглядальнікамі. ЦВК мае абавязак надрукаваць толькі агульныя падсумаваньні вынікаў галасаваньня па ўсёй краіне без прадастаўленьня на ўзроўні кожнага раёну і вобласьці дэтальных вынікаў галасаваньня на кожным выбарчым участку з мэтай абгрунтаваньня агульных абвешчаных вынікаў. Падчас папярэдніх выбараў гэты недахоп празрыстасьці выклікаў пытаньні аб сапраўднасьці абвешчаных вынікаў. На жаль, улады Беларусі адмовіліся выпраўляць гэты фундамэнтальны недахоп у выбарчым працэсе ў краіне на час прэзыдэнцкіх выбараў.

Гэтая заява таксама існуе на расейскай мове, аднак толькі ангельская вэрсія зьяўляецца афіцыйнай.


ІНФАРМАЦЫЯ АБ МІСІІ І ВЫКАЗВАННЕ ЎДЗЯЧНАСЦІ

Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ (АБСЭ/БДІПЧ) па абмежаванаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі прыехала ў Менск 17-га жніўня і непасрэдна пасьля гэтага распачала працэс маніторынгу выбарчага працэсу з 27 экспэртамі і доўгатэрміновымі наглядальнікамі, якія выехалі ў 7 рэгіёнаў, а таксама засталіся ў сталіцы. У Місію ўваходзяць прадстаўнікі 20 краінаў-удзельніц АБСЭ: Баўгарыі, Харватыі, Даніі, Нямеччыны, Італіі, Кыргыстану, Літвы, Македоніі, Нідэрляндаў, Польшчы, Румыніі, Расеі, Славакіі. Швэцыі, Швайцарыі, Таджыкістану, Украіны, Югаславіі, Вялікай Брытаніі і ЗША. У дзень выбараў ММАНВ накіравала 293 наглядальнікі, зь якіх 57 прадстаўлялі Парлямэнцкую асамблею АБСЭ. 12 — Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, і 10 — Эўрапарлямэнт, прадастаўляючы розны палітычны спэктар. ММАНВ правяла нагляданьне за працэсам галасаваньня і падліку галасоў на больш чым 1000 выбарчых участках.

Дзякуючы шчодраму дабрачыннаму ўнёску краінаў-удзельніц АБСЭ, АБСЭ/БДІПЧ змагла накіраваць асноўную групу яе сяброў і доўгатэрміновых наглядальнікаў, уключаючы прадстаўнікоў краін пераходнага пэрыяду, каб яны змаглі прыняць удзел у доўгатэрміновым зтапе працы ММАНВ, і 47 наглядальнікаў, якія прынялі удзел у кароткатэрміновым этапе нагляданьня.

Гэтая заява аб папярэдніх выніках і заключэньнях падрыхтаваная да атрыманьня выніковага пацьверджаньня вынікаў галасаваньня і да поўнага аналізу вынікаў нагляданьня. АБСЭ/БДІПЧ падрыхтуе больш падрабязную справаздачу па гэтых выбарах прыкладна празь месяц пасьля завяршэньня выбарчага працэсу.

ММАНВ жадае падзякавакаць КНГ АБСЭ ў Беларусі, а таксама амбасадам краінаў-сяброў АБСЭ, сябрам Эўрапейскага Зьвязу і Рады Эўропы за падтрымку ў працы місіі.

ММАНВ жадае выказаць сваю падзяку Міністэрству Замежных Справаў, Цэнтральнай выбарчай камісіі ды іншым цэнтральным і мясцовым уладам за дапамогу і супрацоўніцтва ў часе правядзеньня нагляданьня.

Дзеля атрыманьня далейшай інфармацыі просім зьвяртацца да:
• Граера Бальяна, главы Місіі АБСЭ/БДІПЧ па абмежаванаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі тэл. +270-72-88: e-mail: odihr.observe@osce.org.by
• Пэтэра Зіха, другога сакратара Камітэту палітычных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. +33-670-16-28-52;
• Пэнці Вэванэна, намесьніка Генэральнага Сакратара (+358-40-77-88-66-4);
• Яна Ёрэна, прэсавага сакратара Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, +45-33-37-80-40;
• Гэнрыка Ольсэна, галоўнага адміністратара, Эўрапарлямэнт, +32-3-284-2779;
• Енса-Хагена Эшэнбэхера, прэсавага сакратара БДІПЧ, +48-603-683-122 (мабільны тэлефон)

[ Next Thread | Previous Thread | Next Message | Previous Message ]

Post a message:
This forum requires an account to post.
[ Create Account ]
[ Login ]
[ Contact Forum Admin ]


Forum timezone: GMT+2
VF Version: 3.00b, ConfDB:
Before posting please read our privacy policy.
VoyForums(tm) is a Free Service from Voyager Info-Systems.
Copyright © 1998-2019 Voyager Info-Systems. All Rights Reserved.